Лес гулка гаманіў. Макухі дрэў трывожна, неспакойна так нахілялісь то дужа хутка, то паважна адна к другой і шапталі нешта сваё, лесавое. Дарожка паміж густых елак усё вузела і вузела, ані прайсці, ані пралезці, ані прадрацца праз калючыя зялёныя іголкі.
Сухое дрэва страшна і балюча скрыпала, быццам выказвала бяду, і гора, і ўсякае ліха. A яшчэ далёка-далёка…
— Баў… — гудзе звон на колькі вёрст уперадзе, гукае к сабе, заве, кліча. A як жа дайсці туды?
— Баў-баў-баў, дзілінь-дзіліньбаў, — дробна аддаецца ў вушах. Шуміць лес. Зарагатаў злы дух, заплакаў жаласна, закугакаў і зліўся ў адной жудасна-сумнай песні скрыпучага дрэва.
Блішчыць аганёк пад кустом, во-во другі пад старою бярозаю, a во трэці каля чорнага пня, во й яшчэ адзін, яшчэ, многа, многа, зданнё…